У фінале спаборніцтваў па акадэмічным веславанні выступіў Яўген Залаты з Краснаполля. Ён заваяваў срэбны медаль у адзіночным заліку. Алімпійскім чэмпіёнам стаў немец Олівер Цайдлер, якому беларус прайграў пяць секунд.
Усяго беларуская каманда заваявала тры медалі, два з якіх на рахунку жыхароў Магілёўскага рэгіёна. Нагадаем, што ўчора Віялета Бардзілоўская з Магілёва таксама заваявала срэбны медаль.
Category: Спорт і здароўе
Батутыстка Віялета Бардзілоўская з Магілёва заваявала срэбны медаль на Алімпіядзе-2024
Першы беларускі медаль на Алімпіядзе ў Парыжы прынесла спартсменка з Магілёва.
Батутыстка Віялета Бардзілоўская, якая выступае ў нейтральным статусе, заваявала срэбны медаль Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Хоць каманда Беларусі афіцыйна не прадстаўлена на спартыўным спаборніцтве, гэта першы медаль прадстаўніцы нашай краіны.
Бардзілоўская ў фінале спаборніцтваў паказала другі вынік, набраўшы 56,060 бала. Золата Гульняў-2024 заваявала брытанка Брыёні Пэйдж (56,480), трэцяй стала прадстаўніца Канады Сафіян Мета (55,650).
Нагадавем, што Віялета Бардзілоўская і яшчэ некалькі спартсменаў з Магілёўшчыны былі дапушчаныя да Алімпіяды незадоўга да пачатку Гульняў – пісалі mogilev.media.
Фота: t.me/olympicteamby
Да ўдзелу ў летняй Алімпіядзе дапусцілі трох спартсменаў з Магілёўшчыны – вось каго
Міжнародны Алімпійскі камітэт пацвярдзіў, што да ўдзелу ў галоўных спаборнцітвах планеты, што пройдуць гэтым летам у Парыжы, дапушчаныя шэсць беларускіх спартсменаў і спартсменак у нейтральным статусе. Дзве з іх прадстаўляюць горад Магілёў. Гэта батутыстка Віялета Бардзілоўская і цяжкаатлетка Сюзана Валадзько.
Таксама допуск да Алімпійскіх гульняў у Парыжы маюць яшчэ шэраг атлетаў, у тым ліку краснапальчанін Яўген Залаты, які выступае ў акадэмічнай грэблі (на фота – справа). Аднак, яго ўдзел у спаборніцтвах яшчэ не мае канчатковага пацвярджэння.
Нагадаем, МАК лічыць магчымым удзел у АГ спартсменаў з Беларусі і Расіі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі. Магчымасць допуску AIN да Гульняў вызначае спецыяльна створаная МАК камісія AINERP. Абмежавальныя захады ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
Магілёўскі ліцэй МУС, які “аджаў” у гараджан стадыён “Лакаматыў”, дае свае тлумачэнні
Тлумачэнні аказаліся па-міліцэйску простымі – мы ўсё забралі і кропка, а вінаватыя ў гэтым самі магілёўцы.
Днямі магілёўскую грамадскасць здзівілі новаўвядзенні на тэрыторыі стадыёна “Лакаматыў” каля чыгуначнага вакзала. На браме спартовага комплекса з’явілася аб’ява, што цяпер уваход на яго тэрыторыю пасля 18:00 забаронены. Лішне казаць – гэтая навіна стала непрыемнай для аматараў здаровага ладу жыцця, што пражываюць у раёне вакзала, а таксама для тых, хто рэгулярна карыстаўся басейнам у “Лакаматыве” ў вячэрні час.
Каб “супакоіць” грамадскасць, дзяржаўны Тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад” узяў інтэрв’ю ў начальніцы Цэнтра спартыўна-масавай работы ліцэя МУС Ларысы Сярмяжка. Чыноўніца ніякага спачування, аднак, не выказала, і толькі паўтарыла тэзіс, што быццам бы ў вячэрні час на “Лакаматыве” людзі пакідалі за сабой смецце і не прыбіраліся. Пагэтаму “цяпер так не будзе”. Такім чынам, стадыён закрыты з 18:00 і кропка.
Што да смецця – то тут не прагучала ніякіх ні доказаў, ні параўнанняў. З такім аргументам можна, па-сутнасці, забараніць усё на свеце. Напрыклад, гуляць па Ленінскай, альбо па парку ў Падміколлі – дастаткова будзе проста абвінаваціць, што ў кагосьці попел упаў з папіросы.
Яшчэ адзін аргумент, які паспрабавала агучыць Ларыса Сярмяжка, прагучаў у такой танальнасці – тут жа будуць вучыцца дзеці, у тым ліку і нашыя дзеці. Узнікае пытанне ў адказ на гэта. А што, у астатніх школах, ліцэях, гімназіях, каледжах горада – хіба не дзеці вучацца? Чаму кіраўніцтва нармальных навучальных устаноў не агароджвае тэрыторыю сваіх спартыўных комплексаў і не замыкае брамку на замок? Можа, там ніхто ні разу не выкінуў паперку міма сметніцы за ўсё жыццё?
Як адзначаў у свой час канал MAYDAY.TEAM, новаствораны ў Магілёве ліцэй МУС яшчэ і не пачынаў сваю працу, а ўжо “аджаў” у чыгуначнікаў і ў горада цэлы спартыўны комплекс. Спецыялізаваны ліцэй МУС у Магілёве зойме большую палову будынка магілёўскага падраздзялення Дарожнага цэнтра па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў Беларускай чыгункі. Гаворка ідзе пра вялікую тэрыторыю за Домам культуры чыгуначнікаў.
Ліцэй МУС павінен пачаць працу з 1 верасня, і ў першы год колькасць курсантаў будзе невялікай. Толькі праз пару гадоў планавалася пад патрэбы МУС забраць размешчаны побач спорткомплекс “Лакаматыў”, пабудаваны калісьці для чыгуначнікаў і за грошы чыгуначнікаў. Але чакаць не сталі.
Фота з адкрытых крыніц
“Самага моцнага магіляўчаніна” будуць выбіраць сярод мужчын і жанчын
У Магілёве 29 чэрвеня ў чацвёрты раз пройдзе спаборніцтва па сілавой атлетыцы “Самы моцны магіляўчанін”. Нягледзячы на маскулінную назву, удзел у конкурсе змогуць узяць як мужчыны, так і жанчыны, паведамляе аддзел спорта Магілёўскага гарвыканкама. Чакаецца, што спартсмены будуць спаборнічаць у кантаванні аўтамабільных шын, перацягванні машын, пад’ёме штангі і іншых традыцыйных конкурсах для стронгменаў.
Фота архіўнае
На стадыёне ў Бялынічах пакладуць штучнае пакрыццё
Але спачатку футбольнае поле збіраюцца зрабіць роўным.
Гарадскі стадыён у Бялынічах трапіў у інвестыцыйную праграму Беларускай федэрацыі футбола. БФФ фінансуе новае, штучнае пакрыццё на полі і новыя вароты. Падрыхтоўка асновы пад гэтае пакрыццё, а таксама работы па павелічэнні трыбун і абсталяванні скамеек для запасных гульцоў будуць аплачвацца з абласнога бюджэта – на гэта выдаткавана 680 тысяч рублёў, паведамляе “Зара над Друццю”. Зараз з поля здымаецца натуральнае пакрыццё, а таксама яго плануецца зрабіць роўным. Працы павінны завяршыцца, як заўсёды, да нейкай “даты”. Гэтым разам – 3 ліпеня.
Фота: “Зара над Друццю”.
Прэпарат для зніжэння вагі стаў прарывам у медыцыне – ён зніжае рызыку інсультаў на 20%
Семаглутыд – прэпарат для зніжэння вагі і барацьбы з дыябетам – дэманструе выдатныя вынікі па паляпшэнні сардэчна-сасудзістай сістэмы, заяўляюць даследчыкі.
Семаглутыд уваходзіць у склад такіх лекаў, як Wegovy і Ozempic. Гэта ін’екцыі, якія прызначаюцца для зніжэння вагі – штотыднёвы прыём гэтых прэпаратаў паказвае фенаменальныя вынікі і гэта ўжо выклікала фурор у сучаснай фармакалогіі. Першапачаткова семаглутыд быў дазволены ў 2017 годзе ў якасці прэпарата для лячэння пацыентаў з цукровым дыябетам 2-га тыпу. З часам лекары заўважылі, што адным з “пабочных эфектаў” прэпарата, з’яўляецца памяншэнне апетыту і зніжэнне вагі ў пацыентаў, пагэтаму яго сталі прызначаць людзям, якія пакутуюць на атлусценне.
Даследаванні, праведзеныя ва Універсітэцкім каледжы ў Лондане паказалі на яшчэ адзін нечаканы пабочны эфект ад прыёму гэтых прэпаратаў. Як выявілася падчас выпрабаванняў, семаглутыд спрыяе сардэчна-сасудзістай сістэме, незалежна ад пачатковай вагі пацыента, альбо колькасці вагі, якую ён страціў падчас тэрапіі.
У даследаванні прынялі ўдзел 17 604 чалавек з 41 краіны ва ўзросце 45 гадоў і старэй, з індэксам масы цела больш за 27. Таксама ўдзельнікі эксперымента раней перанеслі такія сардэчна-сасудзістыя хваробы, як сардэчны прыступ ці іншыя. Ім прызначалі штотыднёвую дозу семаглутыду ў 2,5 мг або плацэба ў сярэднім на працягу 40 месяцаў. З 8803 пацыентаў у групе семаглутыду ў 569 (6,5%) назіраліся першасныя сардэчна-сасудзістыя захворванні, такія як сардэчны прыступ, у той час як з 8801 пацыента ў групе плацеба колькасць хворых склала 701 чалавек (8%).
Таксама было выяўлена, што ўдзельнікі, якія прымалі лекі Wegovy і Ozempic, мелі на 20% меншую рызыку сардэчнага прыступу, інсульту або смерці з-за сардэчна-сасудзістых захворванняў – паведамляе The Guardian. Даследчыкі заявілі, што семаглутыд можа стаць новым прарывам у медыцыне пасля статынаў – прэпаратаў, прызначаных для паніжэння ўзроўню халестырыну.
Іншае даследаванне, заснаванае на тым жа клінічным выпрабаванні, паказала, што ўдзельнікі, якім прызначалі семаглутыд, страцілі ў сярэднім 10,2% масы цэла і 7,7 см ад таліі за чатырохгадовы перыяд, у той час як група плацеба страціла 1,5% масы цэла і 1,3 сантыметры ад памеру таліі.
Адначасова навукоўцы заявілі, што іншы лекавы сродак – Retatrutide – дэманструе яшчэ лепшыя вынікі ў зніжэнні масы цела чалавека. Выпрабаванне 338 удзельнікаў, якія жывуць з атлусценнем, паказала, што ўдзельнікі страцілі 24% сваёй масы цела за 48-тыднёвы перыяд. Даследчыкі кажуць, што Retatrutide больш эфектыўны для пахудання, чым Ozempic або Wegovy, якія дзейнічаюць толькі на падаўленне апетыту.
Прафесар Навід Сатар з Універсітэта Глазга, які працаваў над выпрабаваннямі іншых метадаў лячэння пахудання, заявіў:
– Пяць ці 10 гадоў таму мы ніколі не маглі ўявіць лекі, якія выклікалі б такую страту вагі. Эксперымент сведчыць аб тым, што Retatrutide яшчэ не дасягнуў плато, таму, верагодна, будзе назірацца большая страта вагі. Калі мы будзем даваць гэты прэпарат яшчэ даўжэй, я думаю, што ён можа дасягнуць амаль 30% ад масы цела чалавека.
Фота: Фота: Joel Saget/AFP/Getty Images
У Магілёў вяртаецца Вышэйшая ліга па футболе, сёння першы хатні матч “Дняпра”
Магілёўскі “Днепр” стартаваў у новым розыгрышы Чэмпіяната Беларусі з паражэння і цяпер будзе спрабаваць апраўдацца перад заўзятарамі на сваім полі.
29 сакавіка на стадыёне “Спартак” у Магілёве пройдзе матч другога тура Вышэйшай лігі Чэмпіянату Беларусі па футболе. Мясцовы “Днепр”, які летась вярнуўся ў элітны дывізіён, прымае “Арсенал” з Дзяржынска. Госці – каманда, абсалютна роўная “Дняпру”. У 2022 годзе абодва клуба вылецелі з Вышэйшай лігі ў Першую, заняўшы 15-ты (“Арсенал”) і 16-ты (“Днепр”) радкі ў турнірнай табліцы, а ў 2023 годзе яны заваявалі пуцёўкі назад у эліту – дзяржынскі клуб выйшаў з першага месца, а магілёўскі з другога.
Гульня пачнецца ў 17:00. У першым крузе Вышэйшай лігі-2024 “Днепр” прайграў мозырскай “Славіі” 0:2.
Фота: ФК “Днепр”
Ванэса Каладзінская з Бабруйска стала чэмпіёнкай Еўропы па вольнай барацьбе
Цяпер беларуская спартсменка з’яўляецца трохразовай чэмпіёнкай Еўропы.
Бабруйская спартсменка Ванэса Каладзінская ўдзельнічала ў Чэмпіянаце Еўропы па барацьбе ў Румыніі ў вагавай катэгорыі да 53 кілаграмаў. Фінал спаборніцтваў прайшоў 16 лютага. Напярэдадні беларуска выбіла з барацьбы Вераніку Рабавалаву з Паўночнай Македоніі, расіянку Наталлю Малышаву і грачанку Марыю Прэваларакі. У заключным паядынку Каладзінская сустрэлася з шведкай Эмай Мальгрэм, якую ўжо перамагала ўвосень 2023 года ў чвэрцьфінале Чэмпіянату свету. Учора беларуска таксама аказалася мацнейшай – паядынак завяршыўся з лікам 10:2 – паведамляе афіцыйны сайт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта.
25 студзеня Міжнародны Алімпійскі камітэт прагаласаваў за вяртанне расійскіх і беларускіх спартоўцаў на міжнародныя спаборніцтвы ў нейтральным статуце. 28 сакавіка прэзідэнт МАК Томас Бах паведаміў, што арганізацыя падтрымлівае допуск спартсменаў у нейтральным статусе, аднак для гэтага атлеты павінны не падтрымліваць вайну Расіі супраць Украіны і не быць звязанымі з расійскімі і беларускімі ўзброенымі сіламі ці органамі нацыянальнай бяспекі.
Фота: НАК
Беларускіх гімнастаў не дапусцяць на еўрапейскія спаборніцтвы ў 2024 годзе
Генеральная асамблея Еўрапейскага гімнастычнага саюза (European Gymnastics) прагаласавала супраць вяртання спартсменаў і афіцыйных асоб з Расіі і Беларусі на афіцыйныя еўрапейскія спаборніцтвы па гімнастыцы з 1 студзеня 2024 года, паведамляе European Gymnastics у сацсетцы Х (Twitter). Галасаванне адбылося на паседжанні арганізацыі ў балгарскай Сафіі.
Раней Міжнародная федэрацыя гімнастыкі аб’явіла аб допуску спартсменаў з РФ і Беларусі да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе з 1 студзеня 2024 года. Пазней, у лістападзе, федэрацыя на сваім афіцыйным сайце апублікавала крытэрыі такога допуску. Згодна з імі, акрамя гімнастаў, допуск змогуць атрымаць толькі кіраўнік дэлегацыі, трэнер, урач і фізіятэрапеўт. Афіцыйныя асобы не будуць запрашацца на турніры пад эгідай Міжнароднай федэрацыі. Таксама спартсмены не змогуць прымаць удзел у камандных дысцыплінах.
Такім чынам, Еўрапейскі гімнастычны саюз не паследаваў рашэнню Міжнароднай федэрацыі.
Фота: Reuters