Былая начальніца ўпраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама была асуджаная да пяці гадоў калоніі і штрафа ў 14 500 рублёў у 2021 годзе.
У лютым 2021 года экс-начальніцу ўпраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірыну Жабараву асудзілі да пяці гадоў зняволення і штрафа ў 500 базавых велічынь за шматразовае атрыманне хабару на агульную суму ў 31 000 рублёў. Прыблізна год таму яна была вызваленая датэрмінова, агулам адбыўшы ў вязніцы каля 3,5 гадоў.
Як стала вядома mogilev.media, Ірына Жабарава зараз працягвае працаваць у сферы культуры ў сістэме Магілёўскага гарвыкакама. Крыніцы паведамляюць, што яна займае пасаду, звязаную з кадрамі, у Музеі гісторыі Магілёва, размешчаным у гарадской ратушы.
Заўтра ў Магілёве адбудзецца чарговае абмеркаванне праекта «Рэканструкцыя парка імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г.Магілёве». Нагадаем, што гэты праект прадугледжвае знішчэнне большай часткі парка Горкага, а культурны слой Замкавай гары, на якой паўстаў Магілёў, будзе амаль цалкам вынішчаны – пісалі mogilev.media.
У адказ на планы гарвыканкама па будаўніцтве музейнага комплекса на платформе petitions.by была створана петыцыя “Супраць знішчэння парку і замчышча ў Магілёве пад музей цара”.
Як праект музея парушае заканадаўства
Аўтары петыцыі падрабязна патлумачылі, якія заканадаўчыя нормы і нарматывы будуць груба парушаныя ў выпадку рэалізацыі праекта з музеем цару. Прывядзем іх тут цалкам.
Паводле праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва (далей ПЗА), зацверджанага ў 2023 годзе тэрыторыя магілёўскага замчышча, на якім быў разбіты парк, знаходзіцца ў межах першага ўчастка ахоўнай зоны. Згодна з рэгламентамі гэтай зоны забараняецца знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Пры рэалізацыі праекта з падземным паверхам будзе цалкам, падчыстую знішчаны культурны пласт на тэрыторыі найбольш старажытнай часткі горада – колішняга Магілёўскага замка, які існаваў у XVI – XIX стагоддзях. Тут у зямлі захаваліся грунтавы могільнік і рэшткі сярэднявечных умацаванняў (XII – XIII стст.). Культурны пласт гістарычнага цэнтра з’яўляецца складовай часткай гісторыка-культурнай каштоўнасці пад шыфрам 512Е000001, таму яго разбурэнне супярэчыць рэгламентам ПЗА. Да таго ж чужародны па архітэктуры аб’ект на месцы парку і драўляных умацаванняў пагоршыць традыцыйнае ўспрыманне гістарычнага цэнтра, што таксама забаронена ПЗА.
Паводле іншага рэгламенту на гэтай тэрыторыі забаронена ўзвядзенне новых будынкаў перыметральнай забудовы кварталаў пры наяўнасці архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў аб страчанай гістарычна значнай забудове. У дадзеным выпадку гістарычна значнымі ў перыметральнай забудове квартала замчышча з’яўляліся ягоныя вежы і сцены.
Яшчэ адзін пункт ПЗА на гэтым участку ахоўнай зоны забараняе змяненне (ці страта) элементаў гістарычнага ландшафту ўздоўж берагоў р. Дубравенка, р. Дзебра, карэннага правага берага р. Днепр, тэрыторыі парка культуры і адпачынку імя М. Горкага. Рэалізацыя прадстаўленага праекта прывядзе да вынішчэння амаль усіх (акрамя аднаго) дрэваў на палове тэрыторыі парку Горкага. Таксама праектам прадугледжаны зрэз натуральнага пагорка, на якім паўстане асноўны паверх музейнага комплекс. Гэта ўсё з’яўляецца відавочным і непапраўным змяненнем гістарычнага ландшафту парку.
Такім чынам – гаворыцца ў петыцыі – прадстаўлены праект не можа быць прыняты да рэалізацыі праз грубае парушэнне рэгламентаў зон аховы гістарычнага цэнтра.
Нязгодных запрасілі пяць чалавек
У адказ на петыцыю Магілёўскі гарвыканкам запрасіў нязгодных з праектам музея на чарговае абмеркаванне праекта. Ад усіх заяўнікаў патрабуецца прыйсці не больш чым пяці падпісантам. Сустрэча запланаваная на заўтра, 11 верасня ў 14.20 у кабінеце 320 гарвыканкама.
Сям’я расійскіх вундэркіндаў Цепляковых гулялася ў пясочніцы – кідалася пяском у дзяўчынку і патрабавала ад яе бабулі ўстаць на калені. А потым выскачыў іх бацька, паваліў пенсіянерку ўдарам у скроню і закрычаў: “Пінайце яе!”
Пра тое, што знакамітыя расійскія вундэркінды дзесяцігадовая Аліса і дзевяцігадовы Хеймдаль Цепляковы паступілі вучыцца ў Беларуска-Расійскі універсітэт у Магілёве, рэдакцыя mogilev.media даведалася ад іх аднакурснікаў у студзені 2023 года. Вы можаце прачытаць наш матэрыял пра гэта тут.
Як вядома нашаму выданню, зараз Аліса і Хеймдаль Цепляковы працягваюць вучыцца на завочным аддзяленні БРУ і ўжо паяўляліся на экзаменацыйных сесіях. Што праўда, Беларуска-Расійскі універсітэт, як высветлілася, гэта не адзінае вну, куды паступілі на вучобу расійскія вундэркінды. Як высветліла “Камсамольская праўда”, 1 кастрычніка 2022 года Аліса Цеплякова была залічана таксама на першы курс Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі.
Патрабавалі ўстаць на калені перад Хеймдалем
Нядаўна знакамітая сям’я магілёўскіх студэнтаў-завочнікаў трапіла ў чарговы скандал. Падрабязнасці здарэння перадае “Маскоўскі камсамолец”. Бацька сямейства Яўген Цеплякоў і яго шматлікае патомства напалі на дзіцячай пляцоўцы на жанчыну, якая гуляла з аднагадовай унучкай. Адвакат пацярпелай паведамляе, што 40-гадовы Цеплякоў паваліў «апанентку» ударам у скронь, а далей жанчыну білі яго дзеці.
63-гадовая Алена Канстанцінаўна гуляла на дзіцячай пляцоўцы ў Маскве з дзіцёнкам сваёй дачкі, калі туды завіталі 7 дзяцей Цепляковых на чале з Алісай. Цепляковы пачалі кідацца пяском і трапілі ва ўнучку. Бабуля зрабіла заўвагу, пасля чаго брат Алісы Хеймдаль Цеплякоў кінуў у дзяўчынку пяском ужо знарок. Бабуля абурылася і прапанавала дзецям пакінуць пляцоўку.
Як сцвярджае пацярпелая, ад вундэркіндаў у адказ панесліся пагрозы і мацюкі, Аліса заявіла, што да яе варта звяртацца “ваша высокасць”, і патэлефанавала бацькам. Пакуль тыя беглі на пляцоўку, вундэркінды заклікалі пенсіянерку «устаць на калені перад Хеймдалем» і папрасіць прабачэння.
Пацярпелая расказвае, што бацька Цепляковых, які неўзабаве вылецеў на пляцоўку, ударыў жанчыну ў скронь і крыкнуў дзецям: «Пінайце яе!». Маленькая ўнучка нема рыдала ў старонцы, а яе бабулі дасталася па поўнай – Цепляковы яе білі, штурхалі і абражалі.
Па заключэнні медыкаў 1-й Градскай бальніцы ў Маскве, бабуля Алена Канстанцінаўна атрымала закрыты чэрапна-мазгавы пералом, страсенне мазгоў, шматлікія ўдары і траўму калена.
“Напала на цяжарную дзяўчыну” – тым часам, Алісе дванаццаць
Па словах пацярпелай, Цеплякоў размахваў кулакамі як «сапраўдны баксёр», вочы ў яго былі вытарашчаныя з арбіт, і ён быў падобны на вар’ята.
Як распавёў “Маскоўскаму камсамольцу” адвакат пацярпелай Антон Папкоў, падчас нападу Яўген Цеплякоў крычаў, што пенсіянерка Алена Канстанцінаўна напала на “цяжарную дзяўчыну”.
– Можа, ён гэта маму Наталлю меў на ўвазе, я спецыяльна ўдакладніў, – растлумачыў адвакат – Але не, крычаў ён гэта пра Алісу…
Зараз Алісе Цепляковай дванаццаць гадоў – яна нарадзілася 23 ліпеня 2012 года. Сям’я Цепляковых налічвае адзінаццаць чалавек, і ўсе яны жывуць у аднапакаёвай кватэры ў Маскве. Маці даглядае за дзецьмі, а бацька афіцыйна працаўладкаваны як выхавацель хатняга дзіцячага садка. Як вядома, Яўген Цеплякоў любіць даваць сваім дзецям імёны ў гонар багоў і міфічных герояў. Акрамя Алісы, у сям’і выхоўваюцца яшчэ восем дзяцей:
Хеймдаль;
Лейя;
Тэра;
Айлунг;
Фейлунг;
Тэсей;
Сулейман;
Альрык Фініст Арыён.
АБНОЎЛЕНА: Яўген Цеплякоў у сваім каментарыі для тэлеканала REN.TV заявіў, што гісторыя пра напад – гэта фэйк. Быццам бы пенсіянерка “сочыць за намі даўно. Наколькі я чуў, вельмі моцна не любіць шматдзетныя сем’і проста за тое, што ў іх ёсць дзеці”.
Разам з тым, той жа тэлеканал апублікаваў запіс з камер відэаназірання, на якім з цяжкасцю, але бачна валтузня на дзіцячай пляцоўцы. На кадрах можна адрозніць, што бойка сапраўды адбываецца, і ў ёй удзельнічаюць некалькі чалавек.
Смяротная аварыя адбылася ў Магілёве блізка да восьмай гадзіны вечару 7 верасня на вуліцы Лазарэнкі, каля школы №4. Паварочваючы на вуліцу Бурдэнкі, кіроўца мікрааўтобуса не заўважыў сустрэчнага матацыкліста і не аддаў яму перавагі. У выніку сутыкнення байкер загінуў на месцы, а кіроўца чырвонага аўтамабіля Ford выскачыў з кабіны і стаў уцякаць. Відавочцы, якія апублікавалі першыя фотаздымкі з месца аварыі ў гарадскім пабліку “ДПС Магілёў ДАІ” выказалі меркаванне, што кіроўца быў п’яны. Бліжэй на дванаццатай гадзіны ночы прэс-служба УУС аблвыканкама выступіла з заявай, што кіроўца затрыманы.
Маштабнае добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый і вуліцы Ленінскай на ўчастку ад плошчы Славы да вуліцы Міронава запланаванае ў Магілёве на канец 2024 – пачатак 2025 гадоў. Пачынаючы з сённяшняга дня Магілёўскі гарвыканкам праводзіць грамадскае абмеркаванне экалагічнай складовай часткі праекта.
Як вынікае з дакумента, апублікаванага на сайце гарвыканкама, рэканструкцыя закране як саму вуліцу Ленінскую (напрыклад, на Пажарным завулку мяркуецца абмежаваць паркоўку), так і дваравыя тэрыторыі абапал. Так, першая чарга ўпарадкавання павінна будзе закрануць тэрыторыю трохкутніка паміж вуліцамі Ленінскай, Першамайскай і Болдзіна. Потым настане чарга дворыкаў паміж Камсамольскай і Пажарным, і далей да дома №26 на Ленінскай вуліцы.
Завяршылася асноўная частка будаўніцтва новага падземнага пераходу на скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Астроўскага ў Магілёве.
З ночы на 30 жніўня рух транспарту на скрыжаванні вуліцы Астроўскага і Пушкінскага праспекта ў Магілёве адноўлены. Грамадскі транспарт вяртаецца да функцыянавання ранейшага рэжыму работы маршрутаў. Нагадаем, што Пушкінскі праспект перакрылі ў сярэдзіне траўня, а аўтобусы і тралейбуся запусцілі ў абыход, і па даволі мудрагелістых маршрутах.
Таксама адзначым, што mogilev.media праводзіць абнаўленне раскладу руху грамадскага транспарту. Актуальны час працы ўсіх маршрутаў можна знайсці на ўкладцы “Даведка”.
На вуліцы Крупскай у Магілёве загарэўся будынак паліклінікі №10. Пажар адбыўся на другім паверсе, дзе размешчана педыятрычнае аддзяленне. Фота і відэа з месца здарэння публікуюць гарадскія паблікі. Паведамляецца, што пацярпелых няма, але звяртае на сябе ўвагу той факт, што на месцы здарэння працуюць не толькі пажарныя, але і медыкі.
Пасля ўключэння пажарнай сігналізацыі з будынка эвакуяваліся 160 чалавек персаналу і 150 наведвальнікаў.
У чэрвені 2024 года Магілёўскі гарвыканкам правёў грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі будынка першай магілёўскай электрастанцыі, размешчанага каля гандлёвага цэнтра “Мацярык”. Першапачаткова планавалася цалкам знесці гістарычную пабудову і ўзвесці на яе месцы шэры пяціпавярховік – пісалі mogilev.media.
Праект быў, аднак, адхілены па фармальнай прычыне адсутнасці парковачных месцаў – паведамляе тэлеграм-канал “Спадчына”. Зараз жа на аб’екце пачаліся працы – дом фарбуюць у ружовы колер, піша інфармацыйны рэсурс Магілёўскага гарвыканкама.
Верагодна, гэта звязана з імкненнем палепшыць агульны выгляд будынка, і не звязана напрамую з яго магчымым далейшым лёсам.
Магілёўскі гарвыканкам абвясціў грамадскія слуханні па праекце будаўніцтва на пляцоўцы Свабоднай эканамічнай зоны новага хімічнага гіганта – завода па вырабе поліамідполіаміна-эпіхлоргідрынавых смол. Абмеркаванне стартавала 14 жніўня і будзе працягвацца да 19 верасня 2024 года.
Як вынікае з праектнай дакументацыі, ініцыятарам будаўніцтва выступае Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Ультрахем”, зарэгістраванае ў Вяйнянскім сельсавеце. Плануецца, што завод будзе выпускаць па 20 тысяч тон поліамідполіаміна-эпіхлоргідрынавых смол у год.
Пры вытворчасці гэтых смол прадпрыемства будзе выкарыстоўваць наступную сыравіну:
адыпінавая кіслата;
дыэтылентрыямін;
эпіхлоргідрын;
саляная кіслата.
Усе гэтыя хімічныя рэчывы з’яўляюцца небяспечнымі – падкрэсліваюць спецыялісты навукова-вытворчай фірмы “Экалогія”, што падрыхтавала справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
Праектным рашэннем прадугледжана арганізацыя 5 стацыянарных крыніц выкідаў адыходаў у атмасферу – 4 арганізаваных і 1 неарганізаванага. Валавыя выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра складуць 0,092844 т/год. Але – гэта ў выпадку, калі ўсе праектныя рашэнні будуць строга вытрыманыя.
Такім чынам, Магілёў, які і так уваходзіць у дзясятку самы забруджаных гарадоў Беларусі, будзе і надалей толькі ўмацоўваць сваё лідарства.
Ямочный ремонт не задался: на одном из перекрестков Могилева разрушается проезжая часть.
Несмотря на прорывные технологии, которые используются в Могилевской области для ремонта дорог, асфальтовое покрытие продолжает жить своей жизнью и не подчиняется «жэсточайшым» распоряжениям вроде «отремонтировать все дороги к 9 мая».