За кіслае малако з трох работнікаў дрыбінскага прадпрыемства спагналі 4 500 рублёў

Пракурор Дрыбінскага раёна ў інтарэсах сельскагаспадарчага прадпрыемства прад’явіў іск аб спагнанні з вінаватых асоб страту ў суме больш як 4,5 тыс. рублёў, прычыненага вяртаннем малака – паведамляе Генпракуратура.

У ліпені 2023 года на малочнатаварны комплекс адной з аграрных арганізацый з-за парушэння тэхналагічных патрабаванняў па вытворчасці малака было вернута 6 550 літраў малака ў сувязі з павышанай кіслотнасцю. Гаспадарцы ў выніку прыйшлося яго ўтылізаваць.

Праверка паказала, што вінаватай у тым, што малако скісла, з’яўляецца лабарант сельгаспрадпрыемства. У выніку такіх дзеянняў сельгаспрадпрыемству быў нанесены ўрон у суме звыш 4,5 тыс. рублёў. Адказчыкамі па іску выступілі кіраўнік, брыгадзір і лабарант аграрнага прадпрыемства як асобы, адказныя за невыкананне тэхналагічных патрабаванняў па вытворчасці малака.

Суд асудзіў трох працаўнікоў да кампенсацыі ўрону.

Фота: БелТА

У двух раёнах Магілёўшчыны забаранілі наведваць лясы, ва ўсіх астатніх – абмежаванні

Пачынаючы з 6 верасня ўведзена забарона на наведванне лясоў у Горацкім і Дрыбінскім раёнах. Ва ўсіх астатніх раёнах Магілёўскай вобласці ўводзіцца абмежаванне на наведванне – гэта значыць, што самі лясы наведваць можна, але нельга праводзіць у іх масавыя мерапрыемствы і распальваць вогнішча. Поўную інтэрактыўную мапу забарон можна знайсці тут.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Не разгубіўся, калі шыбанула маланка – школьнік дапамог выратаваць лес пад Дрыбінам

Трынаццацігадовы магілёвец Цімафей Марковіч атрымаў падзяку ад ратавальнікаў і супрацоўнікаў лясгасу Дрыбінскага раёна за своечасовы сігнал пра лясны пажар. Школьнік, адпачываючы на канікулах у прабабулі ў вёсцы Шастакі, аднойчы трапіў пад непагадзь, гуляючы з сябрамі. Калі пачаўся дождж, малыя разбегліся па хатах. Падыходзячы да дому сваёй прабабулі Цімафей пачуў, як нешта моцна ўдарыла побач у лесе, а з гушчару паваліў моцны дым. Адразу сцяміўшы, што гэта была маланка, школьнік падняў на ногі родных і тыя выклікалі ратавальнікаў. Дзякуючы гэтаму лясны пажар быў хутка ліквідаваны – расказваецца ў матэрыяле газеты “Савецкая вёска”.

Фота: “Савецкая вёска”

Дрыбінская камунальная служба незаконна атрымала з бюджэта больш за 110 тысяч рублёў

Грошы атрымалі незаконна, парадку на вытворчых аб’ектах прадпрыемства няма, зямельнае заканадаўства парушалася – вынікі праверкі работы дрыбінскіх камунальшчыкаў.

На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці разглядзелі вынікі кантролю за мэтавым і эфектыўным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў і дзяржмаёмасці ў камунальнай службе Дрыбінскага раёна.

Высветлілася, што было дапушчана незаконнае атрыманне бюджэтных сродкаў у суме больш за 110 тысяч рублёў, не выконваўся ўстаноўлены парадак уліку дзяржаўнай маёмасці, парушалася зямельнае заканадаўства, не на ўсіх вытворчых аб’ектах падтрымліваўся належны санітарны парадак – паведамляецца на афіцыйным сайце камітэта дзяркантролю.

На паседжанні было адзначана, што выяўленыя парушэнні і недахопы сведчаць аб нізкім узроўні выканальніцкай дысцыпліны ў арганізацыях гэтай сферы, непрыняцці органамі дзяржкіравання вычарпальных мер па іх недапушчэнні.

У выніку матэрыялы калегіі накіраваны зацікаўленым дзяржаўным органам для прыняцця адпаведных мер.

Фота ілюстрацыйнае.

Пад Кіраўскам гарэла база адпачынку, пад Дрыбінам загінуў мужчына

У начны час дрыбінскім ратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары жылога дома ў аграгарадку Трылесіна на вуліцы Гагарына. 

Па прыездзе на месца здарэння супрацоўнікамі службы быў знойдзены загінулы муж гаспадыні дома 1956 года нараджэння. Меркаваная прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём, паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. 

Пажар адбыўся і ў вёсцы Колбава Кіраўскага раёна, дзе на базе адпачынку «Лясны рай» згарэла лазня. Пасля прыбыцця да месца пажару супрацоўнікаў Кіраўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, адбывалася гарэнне лазні адкрытым полымем. Унутры будынка, на шчасце, нікога не было – піша кіраўская раённая газета “Кіравец”.

У выніку пажару пашкоджаны сцены і столь пабудовы. Акрамя таго, знішчаны дах і маёмасць, размешчаная ўнутры лазні. Пацярпелых няма. Прычына і абставіны здарэння пажару высвятляюцца.

Фота: “Кіравец”

У Дрыбіне пройдзе Кубак па більярдзе

22 красавіка ў більярдным зале Дрыбінскага цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы адбудуцца штогадовыя спаборніцтвы па більярдзе сярод калектываў раёна. Кубак стартуе ў 10 раніцы, рэгістрацыя ўдзельнікаў – да 9.30, паведамляе “Савецкая вёска”.

Фота з адкрытых крыніц.

Вось так выглядае Дрыбін пасля зімы – фота

Стыхійныя звалкі па ўсім горадзе, кантэйнерныя пляцоўкі ператвараюцца ў смеццевыя палігоны – паказаў маніторынг.

Сумесная прагулка карэспандэнта дрыбінскай раённай газеты “Савецкая вёска” з начальнікам прыродаахоўнай інспекцыі і памочніцай пракурора выявіла процьму месцаў у горадзе, дзе неахайна звалена смецце, часам цэлыя ўчасткі забруджаны пустымі бутэлькамі, як напрыклад каля крамы “Родны кут” па вуліцы Смаленскай – на фота.

Удзельнікі рэйда адзначылі, што смецце вывозіцца са «змешаных» кантэйнераў са сметнікаў штодня, а вось спецыяльныя кантэйнеры для пластыка, на момант праеркі былі перапоўненыя. Чаму – гэта пытанне да жылкамгаса.

На малочнатаварным комплексе «Дрыбінрайаграпрамтэхснаб» былі выяўлены рэшткі поліэтыленавай плёнкі, хаатычна раскіданыя каля сіласнай ямы і на тэрыторыі фермы.

Фота: “Савецкая вёска”

Ахвярай у смяротнай аварыі стала 18-гадовая дачка кіроўцы-ліхача – пракуратура

Пракуратура Магілёўскай вобласці абвясціла сваё абвінавачванне ў справе пра смяротную аварыю 22 лістапала мінулага года на дарозе Сялец-Дрыбін-Горкі. У той дзень, вечарам 46-гадовы вадзіцель на сваёй машыне Renault Espace ехаў па заснежанай трасе з перавышэннем дапушчанай хуткасці. Акрамя кіроўцы ў аўтамабілі на пярэднім сядзенні была яго 15-гадовая дачка, а на заднім старэйшая, 18-гадовая.

У пэўны момант праезд аўтамабілю перашкодзіў трактар, які рухаўся ў тым жа накірунку. Каб пазбегнуць сутыкнення з ім, кіроўцы выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з фурай.

І вадзіцеля і пасажырку на пярэднім сядзенні выратавалі паясы беспекі. Дзяўчына на заднім сядзенні не была прышпіленая, яе выкінула з салона машыны і ад атрыманых траўм 18-гадовая дачка вадзіцеля сканала на месцы. І кіроўца і малодшая дачка атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Паводле пракуратуры, віна за смяротнае ДТЗ ляжыць на вадзіцелі. Ён не ўлічыў пагодныя і дарожныя ўмовы – ападкі і заснежаную праезную частку. Акрамя таго, праігнараваў устаноўленае абмежаванне хуткасці і праявіў няўважлівасць да дарожна-транспартнай сітуацыі. 

Справа накіраваная ў суд – піша БелТА.

Фота: Следчы камітэт

Пад Дрыбінам адрадзілі традыцыю пляцення лапцяў з “вочкамі”

У аграгарадку Кароўчына Дрыбінскага раёна здолелі ажывіць унікальную традыцыю лапцепляцення.

Тэхналогію пляцення лапцей з назвай «відушчыя» прыдумалі на Дрыбіншчыне шмат стагоддзяў таму. У такім абутку паміж падэшвай і пяцелькамі пад аборы застаюцца адтуліны – “вочкі”. Сакрэты майстэрства некалі перадавалі з пакалення ў пакаленне, а потым яно страціла актуальнасць.

Малодшы навуковы супрацоўнік Дома рамёстваў аграгарадка Кароўчына Валянціна Майсеева распавяла пра аднаўленне традыцыі: 

– І мы вось да бабулі прыйшлі. Яна ўзяла ў рукі лыка і пачала плесці. Кажа: “Ой, галава не памятае, а рукі памятаюць”. Мы хадзілі, здымалі на фотаапарат, відэа здымалі, усё фіксавалі, потым глядзелі, спрабавалі. Што не атрымлівалася – зноў да яе ішлі. Доўга гэта ўсё, але навучыліся.

Зараз у Кароўчыне вырабляюць пад 300 пар лапцей штогод, самых розных памераў і ў тым ліку сувенірныя – піша газета “Савецкая вёска”.

Раней на Дрыбіншчыне адрадзілі яшчэ адзін старадаўні абутковы брэнд – валёнкі. Тэхналогіі валяння, якую мясцовыя шапавалы стварылі ў XVII стагоддзі, тут таксама навучаюць дзяцей. Шапавальства і лапцепляценне ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Фота: “Савецкая вёска”

“Няма даярак, слесар у запоі” – як на “Дрыбін-Агра” загубілі больш за 80 цялят

З штатнай колькасці ў 20 чалавек на ферме ў гаспадарцы “Дрыбін-Агра” працуе толькі сем чалавек. 

– Па адной жывёлаводу на два хлявы. – распавяла карэспандэнтам СТВ жывёлавод гаспадаркі “Дрыбін-Агра” Наталля Брукштус – На старым хляве, дзе прывязное ўтрыманне, наогул ніводнага няма. Даярак няма, слесар у запоі.

У выніку кепскага абыходжання з жывёлай, гаспадарка згубіла больш за 80 цялят. Экспертыза даказала: усе хваробы цялят – вынік нядбайнага стаўлення да іх з самага нараджэння.

Фота: dribin.by