У Чавусах з’явілася алея са спірэі

Прыгожая алея са спірэі вясновай з’явілася ў Чавусах – паведамляе газета “Іскра”. Яна цягнецца ад крамы “Міла” да мікрараёна Цэнтральны. 

Тут супрацоўнікамі мясцовага жылкамгаса высаджана 200 раслін спірэі вясновай. Калі расліна набірае сілу, яна выдатна глядзіцца “жывой загараддзю”.

У планах жылкамгаса працягнуць працы па вуліцы Азарава, будуць высаджаны петуніі ў дэкаратыўныя бочкі, а на ўездзе ў горад каля помніка СУ-100 на кветніках з’явяцца бягоніі.

Фота chausynews

Пад Чавусамі паводка змыла ўнікальны падвясны мосцік

Па ўсёй Беларусі падвясных мосцікаў налічваецца ўсяго некалькі адзінак. Чавускі нават трапляў у разнастайныя рэйтынгі турыстычных цікавостак. Вось так ён выглядаў першапачаткова. Экстрымальны, далёкі ад цывілізацыі, ён мог бы і далей прыцягваць турыстаў.

У сацыяльных сетках беларусы дзеляцца выявай зрынутага чавускага мосціка, што быў перакінуты над ракой Басяй у вёсцы Сушчы Чавускага раёна. Паведамляецца, што ён не вытрымаў паводкі.

Фота: з адкрытых крыніц

Пенсіянера выратавалі з агня ў Чавусах

Кватэра гарэла, калі ратавальнікі выявілі на канапе пенсіянера 1953 года нараджэння. Пажар здарыўся позна вечарам з мая ў Чавусах па вуліцы Гагарына. У кватэры мужчына пражывае адзін, святло і іншыя камунікацыі ў яго адключаныя за неаплату – паведамляе прэс-служба МНС. З апёкамі пенсіянер быў дастаўлены ў лякарню. Папярэдне мяркуецца, што прычынай пажаару стала неасцярожнасць пры курэнні.

Фота: МНС

У Чавускім раёне знайшлі пенсіянера

У раёне вёскі Нова-Аляксандраўка Чавускага раёна ў лесе заблукаў пенсіянер – паведамляе прэс-служба МНС. 25 красавіка ён згубіўся і ў той жа дзень быў выратаваны.

А мы нагадваем, што акрамя бярозавіка, у красавіку ў лесе можна збіраць грыбы смаржкі, радоўкі, а таксама лекавыя расліны.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Чавусамі на мужчыне загарэлася вопратка, калі ён паліў смецце на могілках

На вясковых могілках у Пятухоўцы Чавускага раёна мужчына 1973 года нараджэння, жыхар вёскі Граболава моцна пацярпеў падчас спальвання смецця. На ім загарэлася вопратка, з апёкамі 50-гадовы мужчына быў шпіталізаваны – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае.

У Чавусах узбудзілі тры крымінальныя справы за пасты ў Тэлеграме

Намеснік пракурора Чавускага раёна Сяргей Снытчанка на старонках раённай газеты “Іскра” распавёў, што толькі ў сакавіку 2023 былі ўзбуджаны тры крымінальныя справы за пасты ў Тэлеграм-канале “97% Chausy”. 

Адна справа была ўзбуджана “за абразу Генпракурора А. Шведа” 10 сакавіка, яшчэ дзве – 31 сакавіка “за абразу” Лукашэнкі. Хто з’яўляецца фігурантамі справы не паведамляецца, але з інфармацыі намесніка пракурора вынікае, што аўтараў пастоў яшчэ шукаюць. “Затрыманне і прыцягненне да крымінальнай адказнасці ўдзельнікаў (карыстальнікаў) Telegram-канала “97% Chausy” з’яўляецца толькі пытаннем часу.” – напісаў С. Снытчанка.

Фота з адкрытых крыніц.

Пад Чавусамі агонь спынілі за 150 метраў ад вёскі

Сухая трава гарэла каля аграгарадка Дужаўка Чавускага раёна. Усяго агонь ахапіў каля аднаго гектара тэрыторыі. Падраздзяленні ратавальнікаў змаглі спыніць агонь, калі ён ужо падыйшоў да крайніх вясковых дамоў на адлегласць у 150-200 метраў – паведамляе газета “Іскра”.

Фота: “Іскра”.

68 кіламетраў чавускай трасы плануюць рамантаваць амаль 25 гадоў

З Апавяшчэння аб грамадскіх абмеркаваннях аб’екта «Аўтамабільная дарога Р-122 Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы», якое размешчана чавускай раённай газетай “Іскра”, сталі вядомымі тэрміны рэканструкцыі трасы. 

Рэканструкцыі падлягае ўчастак трасы Р-122  ад 13,508 км да 81,480 км (амаль 68 км), які праходзіць па тэрыторыі Магілёўскага, Чавускага і Чэрыкаўскага раёнаў.

Уражваюць запланаваныя тэрміны ажыццяўлення дзейнасці: 1 этап –  з 13-га па 44 кіламетры – з уводам у эксплуатацыю ў 2027 годзе, 2 этап – з 44-га кіламетра па 81-шы – з уводам у эксплуатацыю ў 2036 годзе. 3 этап – узвядзенне абходу г. Чавусы – з уводам у эксплуатацыю ў 2047 годзе. Атрымліваецца, што агулам будаўніцтва 68 кіламетраў трасы і аўтаабхода Чавус расцягнецца на 24 гады.

Неверагодна, але факт – на працягу 10-13 гадоў будаўнікі плануюць рамантаваць участак у 37 км (ад 44 да 81), або па 3 км на год.  

Пакуль Р-122 будзе рэканструявацца, у свеце ўжо будуць іншыя транспартныя сродкі, іншыя транспартныя шляхі, інўшыя будаўнічыя тэхналогіі. І наогул невядома, колькі застанецца насельніцтва у Чавусах, Чэрыкаве да сярэдзіны ХХІ стагоддзя.

Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар

Два лабавых сутыкнення на Магілёўшчыне, але ўсе выжылі

Адразу дзве аварыі з лабавымі сутыкненнямі аўтамабіляў адбыліся 5 красавіка на Магілёўшчыне. 

Як паведамляе прэс-служба МНС, раніцай 5 красавіка адбылося сутыкненне аўтамабіляў “Iveco” і “МАЗ” на трасе Магілёў-Чавусы каля вёскі Мядведаўка (на фота). Кіроўца “Iveco” быў заціснуты ў машыне і змог выбрацца толькі з дапамогай ратавальнікаў.

Каля 17 гадзін 5 красавіка ў Крычаўскім раёне паблізу вёскі Сакольнікі жыхарка Касцюковіч на аўтамабілі “Volkswagen Boro” сутыкнулася з “Газэллю”. Яе пасажыр, 66-гадовы муж быў у выніку аварыі заціснуты на пасажырскім сядзенні. Яго дэблакавалі ратавальнікі пры дапамозе спецыяльных інструментаў. Мужчына шпіталізаваны.

Фота: МНС

Кіраўнік фермы ў Чавускім раёне скраў амаль тону мукі

Супрацоўнікі міліцыі выявілі крадзёж фуражнай мукі з тэрыторыі сельгасарганізацыі ў Чавускім раёне.

Як паведамляе прэс-служба ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, да злачынства датычны кіраўнік малочна-таварнай фермы. На працягу некалькіх месяцаў ён невялікімі партыямі вывозіў муку на асабістым аўтамабілі. 

Захоўваў скрадзенае на тэрыторыі свайго дома. Маючы падсобную гаспадарку, планаваў карміць ёю жывёл.

Агулам у хляве кіраўніка фермы выяўлена амаль 900 кг фуражнай мукі. Цяпер у адносінах да 48-гадовага работніка аграпрадпрыемства па факце крадзяжу праводзіцца праверка.

Фота golk.by