Прафесара Юрыя Бубнава перавялі ў віцебскую калонію

У пачатку верасня гэтага года прафесара і доктара сацыялагічных навук Юрыя Бубнава, асуджанага на два гады зняволення, перавялі з магілёўскай турмы №4 у калонію №3 пад Віцебскам – паведамляюць праваабаронцы. 

Нагадаем, што 26 мая суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Аксана Зарычнюк прыгаварыла вядомага магілёўскага вучонага, прафесара Юрыя Бубнова да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яна прызнала яго вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (арт. 367 КК РБ).

Нагодай для крымінальнага пераследу прафесара стаў артыкул «Перадумовы беларускага пратэсту ў 2020 годзе» ў навуковым альманаху «Маладзёжная галактыка», які выйшаў у тым жа годзе. У артыкуле Бубноў разважаў аб тым, чаму здарыўся сацыяльны выбух у 2020 годзе, аналізуючы пазіцыю як прыхільнікаў перамен, так і прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.

У прыватнасці, у артыкуле сказана, што «беларусаў, якія пратэстуюць, у 2020 годзе аб’яднаў не нейкі «закулісны лялькавод» або рэвалюцыянер-харызматык, а сам Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка».

Фота з адкрытых крыніц

Трампа арыштавалі і адпусцілі пад заклад

Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыбыў у турму акругі Фултан штата Джорджыя, дзе прайшоў фармальную працэдуру арышту ў рамках справы аб умяшанні ў выбары 2020 года – паведамляе CNN.

У турме яго абшукалі, узялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі. Дональд Трамп стаў першым прэзідэнтам ЗША з афіцыйным турэмным фота. Пры гэтым у папярэдніх выпадках, калі палітык “здаваўся ўладам” у будынку суда, яго магшот не рабілі.

Акрамя таго, пры фармальным арышце сталі вядомыя фізічныя параметры Трампа. Экс-прэзідэнт ЗША важыць 97,5 кілаграма пры росце 190,5 сантыметра.

Яго зарэгістравалі і прысвоілі нумар зняволенага № P01135809. Працэс афармлення заняў каля 20 хвілін.

Пасля гэтага яго адпусцілі пад заклад у 200 тысяч долараў, і яго картэж накіраваўся ў аэрапорт.

Былы прэзідэнт ЗША ў штаце Джорджыя абвінавачваецца ў крымінальных злачынствах у рамках шырокамаштабнай крымінальнай справы, звязанай са спробамі былога прэзыдэнта адмяніць сваю паразу на выбарах 2020 году ў Джорджыі.

Вярхоўны суд ліквідаваў Партыю БНФ

Вярхоўны суд Беларусі задаволіў іск Міністэрства юстыцыі і ліквідаваў апазіцыйную Партыю БНФ – паведамілі Sputnik у Мінюсце.

Сёлета ліквідаваны партыі «Зялёных», «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды.

Партыя БНФ – адна з найстарэйшых апазіцыйных партый у Беларусі. Яна была заснавана ў 1993 годзе Зянонам Пазняком. З верасня 2017 да красавіка 2022 года кіраваў Партыяй БНФ Рыгор Кастусёў, якога вярхоўны суд прызнаў вінаватым ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і даў яму 10 гадоў калоніі.

Былую загадчыцу кафедры магілёўскага ўніверсітэта абвінавачваюць у распальванні варожасці

47-гадовай загадчыцы кафедры аднаго з універсітэтаў Магілёва выстаўлена абвінавачанне ў «распальванні варожасці» – пра гэта паведамляе СК.

Сцвярджаецца, што выкладчыца на сваёй старонцы ў інтэрнэце у сакавіку-красавіку 2022 размяшчала публікацыі, «накіраваныя на распальванне варожасці па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці».

«Не саромеючыся ў сваіх выказваннях адносна беларусаў, рускіх і вайскоўцаў», яна «заклікала да дзеянняў, звязаных з гвалтам і прычыненнем шкоды», — піша СК.

Жанчыне выстаўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 130 КК РБ.

Верагодна, размова ідзе пра Наталлю Мартусевіч – дацэнта і выкладчыка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверстэта імя Куляшова.

Павялічыліся дапамогі на дзяцей і даплаты да пенсій з 1 жніўня

Вырас бюджэт пражытковага мінімуму. А разам з ім узраслі дапамогі на дзяцей, узроставыя даплаты да пенсій, дапамогі па доглядзе інвалідаў І групы ці асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, сацыяльныя пенсіі інвалідам.

БПМ павялічыўся на 3,5%

У Беларусі з 1 жніўня бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 364 рублёў 40 капеек, што на 3,5 % вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў раней. БПМ у такім памеры будзе дзейнічаць да 31 кастрычніка 2023 года

БПМ для асобных катэгорый насельніцтва вызначаны ў наступных памерах:

  • для працаздольнага насельніцтва – 403,94 рубля
  • для пенсіянераў – 271,09 рубля
  • для дзяцей да трох гадоў – 232,41 рубля
  • для дзяцей ад трох да шасці гадоў – 319,50 рубля
  • для дзяцей ад шасці да 18 гадоў – 388,35 рубля

Да гэтага сацыяльнага нарматыву прывязаныя дапамогі. У выніку яны таксама павялічыліся.

Дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складаюць: на першае дзіця — 651,35 рубля; на другога і наступных дзяцей —744,40 рубля; на дзіця-інваліда — 837,45 рубля. Памеры дапамогі выраслі на 7,5%.

З 1 жніўня аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці складае: пры нараджэнні першага дзіцяці — 10 БПМ, або 3644 рубля; пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 5 101,60 рубля; дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці (аднаразовая), — 100% БПМ, або 364,40 рубля.

Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў павялічылася да 182,20 рубля (50 % БПМ). Выраслі і дапамогі на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем’яў: на дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем’ях (акрамя дзіцяці-інваліда), — 50 % БПМ, або 182,20 рубля; на дзіця-інваліда, старэйшага за 3 гады, — 70 % БПМ, або 255,08 рубля.

Змяніўся памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў: з І і ІІ ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў і з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў — 100 % БПМ, або 364,40 рубля; з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў — 120 % БПМ, або 437,28 рубля. Штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, складае 70 % БПМ, або 255,08 рубля.

Павысіліся ўзроставыя даплаты да пенсій і памеры сацыяльных пенсій

Памер выплат для асоб ва ўзросце 75-79 гадоў цяпер складае 68,33 рубля, 80 гадоў і старэйшых (з улікам надбаўкі на догляд) — 136,65 рубля, а пры наяўнасці інваліднасці І групы —182,20 рубля.

Таксама павялічыліся памеры сацыяльных пенсій інвалідам і дзецям-інвалідам: інвалідам 1 групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства — 400,84 рубля; інвалідам з дзяцінства 2 групы — 346,18 рубля, інвалідам 2 групы — 309,74 рубля, інвалідам 3 групы — 273,30 рубля. Дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры першай ступені страты здароўя — 291,52 рубля, другой — 309,74 рубля, трэцяй — 346,18 рубля, чацвёртай — 400,84 рубля.

Фота ілюстрацыйнае

У турме памёр Алесь Пушкін. Знакаміты і эпатажны, ён таксама рэстаўраваў магілёўскі касцёл св. Станіслава

Сёння стала вядома пра смерць палітвязня, знакамітага беларускага мастака Алеся Пушкіна. Ён памёр у рэанімацыі, а абставіны смерці застаюцца невысветленымі. Інфармацыю пра яго смерць размясціла жонка палітзняволенага ў сваім Facebook, а пазней яе пацвердзілі ў гродзенскай турме №1. Жонка Пушкіна напісала, што ён памёр “уначы ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах”. Яму было 57 гадоў.

Алесь Пушкін – вядомы беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, перформер, арт-куратар. Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года. Праз год суд прысудзіў яго да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму па абвінавачванні ў “распальванні варожасці” і “здзеку з дзяржсімвалаў”.

Алесь Пушкін – ветэран вайны ў Афганістане. Пачынаючы з часоў Перабудовы ён займаўся арт-перформансамі і яркімі палітычнымі акцыямі. У маладосці, паралельна з вучобай і працай у Віцебску, ажыццяўляў рэстаўрацыю і абнаўленне храмавых роспісаў у магілёўскім Касцёле Святога Станіслава. У цяперашні час некаторыя фрэскі выдалены па палітычных матывах. Героямі роспісу выступалі многія вядомыя беларускія палітычныя і царкоўныя дзеячы.

Фота з адкрытых крыніц

Эдуарду Бабарыку прызначылі 8 гадоў калоніі

Сёння ў Мінску суддзя Уладзімір Арэшка агучыў прысуд Эдуарду Бабарыку, сыну экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і кіраўніку яго перадвыбарчага штаба – 8 гадоў калоніі.

Судом Эдуард Бабарыка быў прызнаны вінаватым ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў, дапамаганні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы”.

Што да ўхілення ад выплаты падаходнага падатку, то гаворка ідзе пра перыяд з 2012 па 2022 год. У абвінавачванні гаворыцца, што Бабарыка павінен быў дэклараваць даходы, але не прадставіў у інспекцыю падатковую дэкларацыю.

Што да легалізацыі («адмывання») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, дзяржабвінаваўца падчас судовага працэсу адмовіўся ад такога абвінавачвання.

Пракурор Аляксандр Кароль прасіў для Эдуарда Бабарыкі 10 гадоў калоніі.

З улікам прысуду ў 8 гадоў калоніі Эдуард Бабарыка, па разліках рэжыму, мае выйсці на волю прыкладна праз 3,5 гады, бо 1 дзень у СІЗА залічваецца за 1,5 дні калоніі.

Фота: БелТА

Частка расійскіх ваенных здаюцца ці пераходзяць на бок вагнераўцаў, Пуцін абвясціў мяцежнікаў здраднікамі

Паводле непацверджанай інфармацыі, якую перадае Reuters спасылаючыся на неназваную крыніцу ў расійскай арміі, байцы “Вагнера” ўзялі пад кантроль ваенныя аб’екты ў горадзе Варонеж, які знаходзіцца прыкладна ў 500 кіламетрах на поўдзень ад Масквы.” Агенцтва Reuters папярэджвае, што яно не змагло незалежна пацвердзіць гэтыя дадзеныя.

Звязаны з ПВК “Вагнер” Тэлеграм-канал перадае, што ў Варонежскай вобласці 180 расейскіх вайскоўцаў і сілавікоў адмовіліся перашкаджаць дзеянням вагнераўцаў і склалі зброю. На загалоўным фота – памежны пераход Бугаёўка ў Варонежскай вобласці. У СМІ таксама паяўляліся паведамленні пра пераход на бок ПВК “Вагнер” некаторых вайсковых падраздзяленняў расійскай арміі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выступіў з экстранным зваротам, у якім заявіў пра загад вайсковаму камандаванню аб нейтралізацыі лідараў мецяжа. Дзеянні арганізатараў мецяжа ён назваў здрадніцкімі і “ударам у спіну”. Цікава, што ў пяціхвілінным звароце не былі названы канкрэтныя прозвішчы, гэтаксама як не прагучала прамой падтрымкі ў адрас міністра абароны РФ Шайгу і начальніга Генеральнага штаба  Герасімава.

Фота з адкрытых крыніц

Палітвязня Паўла Белавуса накіравалі ў шклоўскую калонію

Вядомы грамадзянскі актывіст і папулярызатар беларушчыны, стваральнік крамы symbal.by Павел Белавус быў асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі.

Яго жонка напісала на сваёй старонцы ў Facebook, што Паўла перавялі ў шклоўскую калонію №17. «Кажа, што ўспрымае гэта як вандроўку, але крыху іншы фармат» – напісала яна.

Зараз яму можна дасылаць лісты ў Шклоў з пазнакай «каранцін»: Белавус Павел Мікалаевіч 1987 года нараджэння, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.

Фота з адкрытых крыніц

Пачаўся суд над Эдуардам Бабарыка – праз тры гады пасля затрымання

Сын удзельніка выбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2020 Віктара Бабарыкі года адверг усе абвінавачванні – піша БелТА. Яну інкрымінуюцца “ўхіленне ад аплаты падаткаў, легалізацыя (адмыванне) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам”, дапамога Сяргею Ціханоўскаму.

Паводле дзяржабвінавачання, Эдуард Бабарыка аказваў садзейнічанне Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

«Эдуард Бабарыка дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады» – перадае БелТА цытаты абвінавачання, агучаныя ў судзе пракурорам.

Пры гэтым Бабарыка, паводле абвінавачання, «з дапамогай платформ «Вулей» і «Мола-мола» арганізаваў збор «сродкаў з неакрэсленага кола асоб для падтрымкі ўдзельнікаў масавых беспарадкаў».

Бацьку і сына Бабарыкаў затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. Эдуард узначальваў перадвыбарчы штаб бацькі, іх спынілі, калі яны везлі ў ЦВК подпісы, сабраныя для вылучэння Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.

За кратамі, без суда Эдуард Бабарыка правёў амаль тры гады. Цяпер яму пагражае да 20 гадоў зняволення.

Фота: БелТА