Суседзі выратавалі пенсіянерку на пажары ў Асіповічах

Раніцай 26 верасня пажар адбыўся ў прыватным доме па вуліцы Веры Харужай у Асіповічах. Яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў, гаспадыня дома – пенсіянерка 1939 года нараджэння – была выратаваная мясцовымі жыхарамі. З апёкамі, яна шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

У Горках праходзіць конкурс фігур з рулонаў саломы – фота

Раённая газета “Горацкі веснік” абвясціла конкурс на лепшую фігуру з саломы, усталяваную арганізацыямі сферы культуры і адукацыі на палях Горацкага раёна. У конкурсе ўдзельнічаюць тры дзіцячыя школы мастацтваў і два раённыя дамы культуры. Прыняць удзел у конкурсе можна тут.

Фота: Горацкі веснік

Ужо некалькі гадоў – вось такі ўваход у бальніцу пад Асіповічамі

Асфальт перад галоўным уваходам у бальніцу сястрынскага нагляду ў вёсцы Дараганава Асіповіцкага раёна мае такі выгляд ужо некалькі гадоў. Падчас правядзення рамонтных работ на падземных камунікацыях дарожнае пакрыццё было ўскрытае, ды так справу і пакінулі.

“Напэўна, на тое ёсць нейкія аб’ектыўныя прычыны, але ж роўнасць дарогі каля важнага сацыяльнага аб’екта, галоўнай установы аховы здароўя цэлага сельсавета – аб’ектыўная неабходнасць. – адзначае на сваіх старонках раённае выданне “Асіповіцкі край” – Цяжка хворым, рухома-абмежаваным пацыентам сталага веку кожны крок даецца з цяжкасцю, а тут яшчэ штучна створаныя перашкоды ў дадатак.”

Фота: Асіповіцкі край

І нават фарфоравыя статуэткі – бабруйскага злодзея знайшлі па адбітку пальца

Калі 62-гадовая жыхарка Бабруйска прыйшла з працы дахаты, то не знайшла ў сваёй кватэры ноўтбук, фен і фарфоравых статуэтак. А знайшла п’янага сына, які адпачываў пасля кампаніі з выпадковым знаёмым. Пакуль маці была на працы, сын выпіваў і дазволіў незнаёмаму мужчыне правесці сябе дадому. Тут двое субутыльнікаў працягвалі даганяцца півам, а калі гаспадар заснуў, госць вынес з кватэры што ўдвлося.

Злодзея знайшлі дзякуючы адбітку пальца – паведамляе прэс-служба Камітэта судовых экспертыз. Ім апынуўся 39-гадовы жыхар Бабруйска. Сваю віну ён прызнаў цалкам, але рэчы не вярнуў, бо ўжо паспеў прадаць.

Фота: Судовыя экспертызы

Індыйскі пасадачны комплекс “Чандраян-3” так і не змог прачнуцца ад месяцовай ночы

2 верасня пасадачны апарат Vikram і месяцаход Pragyan, якія складаюць місію высадкі на паўднёвым полюсе Месяца “Чандраян-3”  былі пераведзены ў «спячы рэжым», каб абараніць іх электрычныя кампаненты падчас жорсткай двухтыднёвай ночы.

Надзеі на «паўторнае абуджэнне» індыйскага пасадачнага апарата на Месяц знікаюць пасля таго, як індыйскія навукоўцы не змаглі ўсталяваць сувязь з касмічным караблём, паколькі ён перайшоў у рэжым адключэння, каб выжыць ва ўмовах халодных месяцовых начэй.

Індыйская місія “Чандраян-3” здзейсніла гістарычную пасадку на паўднёвым полюсе Месяца ў жніўні пасля 40-дзённага падарожжа. Пасля гэтага лунаход больш за тыдзень збіраў дадзеныя з паверхні Месяца. Ён прайшоў адлегласць у 100 метраў, перадаючы выявы і дадзеныя назад на Зямлю, і пацвердзіў наяўнасць на спадарожніку нашай планеты серы, жалеза, кіслароду і іншых элементаў.

2 верасня пасадачны апарат Vikram і ровер Pragyan былі пераведзены ў «спячы рэжым», каб абараніць электрычныя кампаненты падчас жорсткіх умоў месяцовай ночы, якая доўжыцца два тыдні, і тэмпература на паверхні падае да -250 градусаў Цэльсія.

Аднак з тых часоў навукоўцы ISRO не змаглі звязацца з робатамі і заявілі, што «надзеі на іх адраджэнне слабеюць». Па словах навукоўцаў, верагоднасць таго, што прылады вытрымаюць маразы, складае каля 50%.

«Намаганні па наладжванні сувязі з пасадачным апаратам Vikram і марсаходам Pragyaan будуць працягвацца» — заявілі навукоўцы з Індыйскай арганізацыі касмічных даследаванняў (ISRO) . Яны паведамілі, што ISRO будзе працягваць намаганні па ўстанаўленні сувязі з касмічным караблём да 30 верасня, калі запланаваны наступны заход Месяца, піша Guardian.

Фота з адкрытых крыніц

“Зменш 500 чалавек” – што не так з магілёўскімі Дошкамі гонару

Карыстальнікі соцсетак заўважылі прыкрыя памылкі на магілёўскіх дошках гонару. “Новая пампезная Дошка гонару ў цэнтры Магілёва. – піша ў сваім інстаграме вядомы гарадскі блогер з нікам prasalovich – А ведаеце, чаму “зменш 500 чалавек”? Таму што на суседняй шыльдзе – “звыш 500 чалавек”!”

“А гэты выпадак я нават памылкай не наважваюся назваць – працягвае назіральнік – А раптам гэта праява лакальнай гендэрнай рэвалюцыі? Памятаеце сацыяльную рэкламу “Человек изобрела колесо”? Дык, можа, таму і ў Мугілеві “суб’ект” – “лепшая”?”

Mogilev.media прыглядзеліся да магілёўскіх Дошак гонару і знайшлі не толькі пацвярджэнне прыведзеным памылкам, але і яшчэ пару. На той жа гарадской Дошцы спартсмен, у гонар якога названая школа Алімпійскага рэзерву “Багіма” Алег Рыгоравіч Мішчанка пададзены з ініцыяламі – А.Г. Мішчанка. 

На асноўнай Дошцы гонару Магілёўшчыны, якая размяшчаецца за аблвыканкамам, беларусізацыі не паддалося ўжо імя дырэктара прадпрыемства “БелЭмса” Тэйіпа Учара.

Фота: mogilev.media, prasalovich

На Мікалаеўскіх сажалках пад Круглым пройдзе дзень адкрытых дзвярэй

27 верасня, у гонар сусветнага дню турызму, “Мікалаеўскія сажалкі” правядуць Дзень адчыненых дзвярэй. З 10.00 і да 18.00 будзе арганізавана бясплатнае наведванне экспазіцый музея СССР і дома мастака М.У. Неўрава. У рэстаране “Белы ветразь” у гэты дзень усім наведвальнікам будуць прапанаваны стравы беларускай нацыянальнай кухні – паведамляе раённая газета “Сельскае жыццё”.

Турыстычны комплекс Мікалаеўскія сажалкі размешчаны на тэрыторыі Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці ў асяроддзі каскаду сажалак і прылеглага Грыбінскага вадасховішча.

Фота: beltour.by

Жыхар Бялыніч поўгады катаваў сваю жонку і атрымаў поўгады з адтэрміноўкай

У Бялынічах завяршыўся суд над 46-гадовым мужчынай, які нідзе не працуе. Паводле матэрыялаў справы, пачынаючы з кастрычніка 2022 года і па чэрвень 2023-га сістэматычна катаваў сваю жонку – біў яе рукамі і нагамі, а таксама палкай ад мяцёлкі. Суд пастанавіў асудзіць яго на поўгады зняволення з адтэрміноўкай пакарання на адзін год. Таксама ад мужчыны патрабуецца ўладкавацца на працу і знаходзіцца дома ў начны час на працягу выпрабоўчага тэрміну.

Фота ілюстрацыйнае

Заўтра на Магілёўшчыне пройдзе праверка сістэм апавяшчэння

27 верасня з 9:00 да 12:00 па ўсёй Магілёўскай вобласці будуць уключаць сірэны – сістэмы апавяшчэння, паведамляе МНС. Пачуўшы сірэну, нічога рабіць не трэба, ігнаруйце – папярэджваюць у ведамстве.

Фота з адкрытых крыніц

У Магілёве п’яны бацька ледзь не задушыў 13-гадовую дачку

41-гадовы мужчына з сям’ёй адпачываў у сяброў у Магілёве. Падчас застолля мужчыну абуяла злосць, ён пачаў кідацца на людзей і біць жонку. Ад пабачанага яго 13-гадовая дачка расплакалася. Бацька спчатку пяць хвілін спрабаваў яе суцешыць, але потым, “спаймаўшы белку”, пачаў душыць – перадае звязаны з сілавікамі Тэлеграм-канал. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа за спробу забойства.

Фота ілюстрацыйнае